ЧАРСЦВЯ́ЦКАЕ ВО́ЗЕРА, Чарсцвяты,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дзіва, каля в. Слабада, за 15 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 9,35 км², даўж. 6,9 км, найб. шыр. 2,5 км, найб. глыб. 4,3 м, даўж. берагавой лініі 19,2 км. Пл. вадазбору 152 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу, авальная, выцягнутая з ПнЗ на ПдУ. Схілы катлавіны выш. 5—10 м, на Пд і З 10—18 м, стромкія, на З і ПдЗ тэрасаваныя. Берагі нізкія, пясчаныя, паступова пераходзяць у вузкую забалочаную пойму, якая на ПдЗ, ПдУ і ПнУ месцамі шыр. да 150 м. Дно да глыб. 0,5—1 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. 8 астравоў агульнай пл. 0,8 км². Шыр. паласы надводнай расліннасці ад 20 да 200 м. Упадае р. Выдрыца і 3 ручаі, выцякае ручай у воз. Павульскае.

Чарсцвяцкае возера.

т. 17, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)